Купальле 2015

kupalle2015

На Купальле сёлета запісалася больш за 130 чалавек (калі лічыць зь дзецьмі). Мы вельмі рады, што ў нас зьбіраецца такая вялікая кампанія, і зь нецярпеньнем чакаем моманту, калі мы ўсе сустрэнемся! Спадзяемся, што ў нас атрымаецца выдатнае сьвята, якое пакіне ўсім мора радасных успамінаў.

Яшчэ раз паведамляю адрас “Слуцка” і маршрут:

2 Fire Route 300, McKellar, Parry Sound District, ON P2A 2W7

GPS: 45.459507, -79.861278

http://www.belapc.org/kanada—taronta/budynak-slucak-slutzak-guest-house/slah-na-slucak-directions-to-cottage

Майце на ўвазе, што магчымасьці кухні на “Слуцку” вельмі абмежаваныя (2 электрычныя пліты), халадзільнікаў на ўсіх відавочна ня хопіць таксама. Калі ласка, не забудзьцеся ўзяць з сабой скрыні для захоўваньня прадуктаў (“кулеры”), а таксама барбекюшніцы і грылі. Добрая ідэя таксама — прывезьці частку ежы ўжо гатовай, каб яе можна было хутка разагрэць у мікрахвалёўцы.

Яшчэ раз нагадваем, што для ўдзелу ў вечаровых купальскіх абрадах (пачынаючы ад 18:30 у суботу) вам будуць патрэбныя народныя строі альбо стылізаваныя пад іх касьцюмы. (Падрабязна пра гэта гаварылася ва ўлётцы “Як зрабіць купальскі строй”, якую мы рассылалі раней.) На крайні выпадак — на месцы, у “Слуцку”, можна будзе купіць майкі зь беларускай вышыўкай альбо друкаваным арнаментам.

Ня лішнім будзе нагадаць таксама, што будынак “Слуцка” і пляцоўка для Купальля знаходзяцца на беразе прыгожага возера. Не забудзьцеся ўзяць з сабой купальнікі, а таксама не пакідайце маленькіх дзяцей без нагляду каля вады!

Вялікі дзякуй усім, хто адгукнуўся на нашыя просьбы і пагадзіўся ўзяць да сябе ў машыну пасажыраў! Дзякуючы вам усім, мы забіраем з сабой усіх, хто хацеў паехаць, ніхто не застаецца бязь месца ў машыне. Я вельмі ўражаная вашай арганізаванасьцю і жаданьнем дапамагчы!

І апошяе. Мы бярэм з сабой на “Слуцак” наш хатні тэлефон. Гэта той самы нумар, які быў пазначаны ў абвестцы пра Купальле, – 416-503-9527. Калі што якое, калі заблукаеце па дарозе ці яшчэ штосьці здарыцца непрадбачанае — тэлефануйце. Мы будзем на “Слуцку” пачынаючы з другой паловы дня ў пятніцу.

Усім усяго найлепшага, да сустрэчы на сьвяце!

Віялета Кавалёва

Leave a Reply

EN