Адкрыты ліст з нагоды становішча ў Беларусі

Аб сытуацыі ў Беларусі:

19 сьнежня 2010 г. у Беларусі адбываліся прэзыдэнцкія выбары, на якіх пераможцам абвясьціў сябе дзейны прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. Выбары прадэманстравалі беспрэцэдэнтны ўзровень падтасовак і карупцыі. Незалежныя эўрапейскія назіральнікі, якія прысутнічалі на выбарах, у чарговы раз засьведчылі, што вынікі галасаваньня нельга прызнаць сумленнымі. Беларускі аўтарытарны рэжым ператварыў найважнейшы дэмакратычны працэс выбараў у гіганцкі фарс, адзінай мэтай якога было легітымізаваць знаходжаньне пры ўладзе “апошняга дыктатара Эўропы” яшчэ на адзін тэрмін.

Калі ж справядлівае абурэньне вывела жыхароў Беларусі на вуліцы Менску, рэжым разьвязаў беспрэцэдэнтную вайну супраць тых, хто наважыўся выступіць супраць незьлічоных фальсыфікацый. Супраць мірных маніфэстантаў былі кінутыя сілы міліцыі і КДБ. Тысячы людзей былі жорстка зьбітыя, сотні — арыштаваныя. Растаптаўшы права людзей на свабоднае волевыяўленьне, Аляксандар Лукашэнка ў чарговы раз прадэманстраваў, што ня лічыць дэмакратычныя нормы і прынцыпы нормамі ўласных паводзінаў.

Пяць кандыдатаў у прэзыдэнты, а менавіта Алесь Міхалевіч, Уладзімер Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саньнікаў і Мікалай Статкевіч былі арыштаваныя разам з больш чым шасьцю сотнямі іншых пратэстантаў. Беззаконныя затрыманьні, арышты і ператрусы ў наступныя за прэзыдэнцімі выбарамі дні мелі на мэце выкараніць усю апазыцыю ў краіне. Падчас апошніх налётаў на офісы “Эўрарадыё” ў Беларусі, Беларускага ПЭН-цэнтру, штотыднёвіка “Наша Ніва” агенты КДБ дапытвалі супрацоўнікаў, абшуквалі памяшканьні, канфіскоўвалі кампутары і аргтэхніку. Адвакаты, якія абараняюць арыштаваных пратэстантаў, атрымлівалі пагрозы ад кіруючых уладаў. Аўтакратычны рэжым яскрава прадэманстраваў, што ён гатовы пайсьці на любыя крокі, каб толькі застацца пры ўладзе.

Шэраг дэмакратычных краінаў сьвету, у ліку якіх Канада і Злучаныя Штаты Амэрыкі, выказалі свой пратэст супраць гвалту ў Беларусі. Міністар замежных справаў Канады Лоўрэнс Кэнан нядаўна выступіў з заявай, у якой асудзіў “рэпрэсіі супраць дэманстрантаў, у прыватнасьці, зьбіцьцё і затрыманьне многіх лідэраў апазыцыі”. Міністар “настойліва заклікаў улады Беларусі зьмяніць накірунак і адстойваць дэмакратычныя прынцыпы, паважаць правы чалавека і вяршэнства закона. Людзі Беларусі заслугоўваюць таго, каб іх голас быў пачуты без пагрозы гвалтоўнага пакараньня,” – гаворыцца ў заяве Лоўрэнса Кэнана.

Адкрыты ліст:

Мы, жыхары дэмакратычнай Канады, выказваем рашучы пратэст супраць хвалі гвалту, арыштаў і масавых рэпрэсіяў у дачыненьні да апазыцыянэраў цяперашняга беларускага рэжыму, распачатай у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 г.

Мы патрабуем ад ураду Беларусі неадкладна вызваліць арыштаваных кандыдатаў у прэзыдэнты Алеся Міхалевіча, Уладзімера Някляева, Віталя Рымашэўскага, Андрэя Саньнікава і Мікалая Статкевіча, а разам зь імі ўсіх затрыманых і арыштаваных на акцыях пратэсту 19 сьнежня 2010 г. і ў наступныя дні.

Мы заклікаем міжнародную супольнасьць не прызнаваць сфальшаваных вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 г.

Мы далучаемся да грамадзянскіх ініцыятываў у Беларусі, якія настойваюць на правядзеньні паўторных прэзыдэнцкіх выбараў без удзелу Аляксандра Лукашэнкі.

Подпісы (імя, прозьвішча, месца жыхарства)
Вы можаце паставіць свой подпіс пад гэтым лістом, пакінуўшы Вашае імя, прозьвішча і месца жыхарства ў якасьці камэнтара

[youtube=http://www.youtube.com/watch?v=Yzen2AVB6gs]

Пакінуць комент

BE